Wojna oczami dzieci

 

[1]

Мае ваенныя перажыванні.

 

1 верасня 1939 года ў 3 гадзіны 15 хвілін Германія нечакана ўварвалася ў Польшчу і пачалі яе бамбіць. Мы, дзеці, і бацькі змушаны былі спусціцца ў падвал, таму што баі ўзмацнyліся. Калі бамбіць на нейкі час перасталі, я з бацькамі пераехала ў маленькую вёску, дзе было крыху бяспечней. Аднак і там самалёты скідалі запальныя бомбы. Праз некаторы час усё сціхла. Калі я вярнулася дадому, то ўбачыла, што горад змяніўся. На вуліцах я бачыла змрочныя твары немцаў. Праз некаторы час нам дазволілі адкрыць школу. Але было недазволена вывучаць гісторыю і многія іншыя прадметы. Гады хутка праляталі, а Польшча ўсё заставалася пад нямецкай акупацыяй. Праз некаторы час я з бацькамі пераехала ў Варшаву, дзе заспела нас паўстанне. У першы дзень тата пайшоў абараняць Варшаву. Праходзілі дні і тыдні, а Варшава абаранялася, супраціўлялася. З вуліцы чуўся свіст куль, стогны і крыкі. Па бруку Старога Горада маршыравалі атрады паўстанцаў з бела-чырвонымі павязкамі. З варот выбягалі падлеткі і кідалі на нямецкія танкі бутэлькі з бензінам. Я па хатах збірала бінты і харчаванне для параненых. Наступныя тыдні былі жудаснымі, таму што немцы займалі ўсё большую частку Варшавы, а мы сядзелі ў сховішчах. Звычайна я праводзіла ноч у нейкім закутку. Калі на вуліцах бушавалі жорсткія баі, я адважылася пайсці па ваду. Пасля складаных перабежкаў я дабралася да вадаправода, дзе мне давялося доўга чакаць ваду. Калі я вярнулася ў бамбасховішча, мяне ўсе радасна сустракалі, бо не спадзяваліся на маё вяртанне. Праз некалькі дзён у наш дом трапіў снарад. Дом загарэўся. Нягледзячы на нашы вялікія намаганні, дом не ўдалося патушыць. Нам давялося бегчы да наступнага, дзе таксама не было вады. Мы сілкаваліся цукрам, якога было вельмі мала. Немцы ўварваліся ў наш дом і загадалі  ісці за імі. На вялікай плошчы мы спыніліся. Сюды прывозілі ўсё больш і больш людзей.

  [2]

Я зусім абыякава глядзела на дула аўтамата, скіраванага ў мой бок. Я лічыла, што лепш памерці, чым глядзець на гэтыя агідныя твары немцаў. Праз некалькі хвілін яны загадалі нам ісці наперад. Па дарозе я бачыла шмат параненых, якія ляжалі без дапамогі. Мы дабраліся да грузавога цягніка, на якім паехалі ў Прушкуў. Праз некалькі дзён з Прушкава нас павезлі ў Нямеччыну. Нас высадзілі ў Франкфурце, пачалі заганяць у баракі. На наступны дзень я пайшла на працу. Праз 6 месяцаў мы пачулі стрэлы гармат, якія набліжаліся з усходу. Калі кулі падалі на горад, немцы пачалі вывозіць нас ў глыб тэрыторыі. Мы апынуліся ў іншым горадзе. Там пасля цяжкіх баёў палякі вызвалілі нас. Мы з радасцю вярталіся на радзіму. Калі мы прыехалі ў Люблін, я паспела запісацца ў 6 клас у канцы навучальнага года. У жніўні я прыехала ў Грубешуў і запісалася ў 7-й клас, які цяпер наведваю.

                                                                Расноўска Тэрэса

                                                                VII кл.

                                                                 Агульнаадукацыйная школа № 2

                                                                у Грубешове.

                                                                                                                        [стыль захаваны]

 

 



Dodaj komentarz






Dodaj

© 2013-2024 PRV.pl
Strona została stworzona kreatorem stron w serwisie PRV.pl